Лышчэня Захар Рыгоравіч

Дата нараджэння —1917 г.

Дата смерці — 08.02.1945 г.

Месца нараджэння — в. Пласток Любанскага раёна.

  Род заняткаў — ваеннаслужачы.

Лышчэня Захар Рыгоравіч нарадзіўся ў 1917 годзе ў вёсцы Пласток Любанскага раёна.

У 1937 годзе скончыў Пластокскую пачатковую школу і паступіў у Ямінскую сямігодку. Пасля заканчэння сямігодкі Захар застаўся працаваць у сваім родным калгасе “Іскра”. Уступіў у камсамол. Актыўна ўдзельнічаў у барацьбе за ўмацаванне новага жыцця ў вёсцы. Быў любімцам сельскай моладзі.

Восенню 1938 года Захара Лышчэню прызвалі ў армію. Уся вёска праводзіла яго. Шчаслівая салдацкая доля выпала Захару. Яго, выдатніка баявой і палітычнай падрыхтоўкі, накоравалі ў палкавую школу. А праз год — ён камандзір гарматы. За выдатныя паказчыкі на стрэльбах Захар быў узнагароджаны імянным наручным гадзіннікам.

Першае баявое хрышчэнне Захар рыгоравіч прайшоў у баях з фінамі, пры штурме “Лініі Манергейма”. Пушка Захара Лышчэні падаўляла агнявыя кропкі праціўніка, біла прамой наводкай па ўмацаваннях.

Бясстрашна біўся з гітлераўскімі захопнікамі гарматны разлік Лышчэні, з якімі ён сустрэўся ў верасні 1941 года, каля Мелітопаля. Потым баі пад Растовам, пад Харкавам, вялікая бітва на Волзе. Тут, на пярэднім краі, за сотню метраў ад ворага, Захар Рыгоравіч атрымаў партыйны білет. Далей — Курская дуга, Днепр, Вісла, Одэр. За мужнасць і адвагу, праяўленыя ў баях, гвардыі старшына Захар Лышчэня ўзнагароджаны медалём “За адвагу” і ордэнам Чырвонай Зоркі.

8 лютага 1945 года дывізія вяла баі пад горадам Брэслаў. Адзін са стралковых палкоў атакаваў сяло Цотвіц, вакол якога гітлераўцы стварылі моцную абарону. Камандзір разведкі 43-га Гвардзейскага артылерыйскага палка гвардыі старшына Лышчэня Захар атрымаў заданне прабрацца ў тыл ворага, разведаць размяшчэнне штаба, агнявых кропак ворага. Разведчык захапіў у палон двух нямецкіх афіцэраў і каштоўныя дакументы, але іх заўважылі гітлераўскія аўтаматчыкі. Захар знішчыў некалькі немцаў. Ён даручыў таварышу аднесці дакументы і звесткі камандзіру батарэі, а сам працягваў бой. Знясіленага і бездапаможнага Лышчэню схапілі фашысты. Яны учынілі дзікую расправу над савецкім воінам. Калолі штыкамі, білі прыкладамі. Камуніст маўчаў. Калі немцаў выбілі з вёскі, артылерысты ўбачылі жудасную карціну. Вочы старшыны былі выкалаты, рукі выкручаны, на целе было шмат нажавых ран.

Так у гераічны летапіс вайны ўпісаў свій неўміручы подзвіг наш земляк – Захар Рыгоравіч Лышчэня.

За мужнасць і адвагу, праяўленую ў баях з гітлераўцамі, Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 27 чэрвеня 1945 года Захару Рыгоравічу Лышчэні прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Імя героя занесена навечна ў спіскі 43-га Гвардзейскага артылерыйскага Чырванасцяжнага ордэна Суворава палка.

На радзіме героя, ў в. Пласток Любанскага раёна, пабудованы помнік – гранітная пліта на пастаменце, на пярэдняй плоскасці якой барэльефныя выявы З. Р. Лышчэні і медаля “Залатая Зорка”.

Пастановай Савета Міністраў БССР ад 7 жніўня 1965 года Ямінскай сярэдняй школе Любанскага раёна прысвоена імя Героя Савецкага Саюза Захара Лышчэні.

Яго імем таксама названа адна з вуліц г. Любань.

ЛІТАРАТУРА:

1. Герой з вёскі Пласток: [ Герой Савецкага Саюза З.Р. Лышчэня] // Памяць: Любанскі раён: [гісторыка-дакументальная хроніка Любанскага раёна] /Рэдактар-укладальнік В.Р. Феранц. — Мінск: Ураджай, 1996 г. — С. 259-260.

2. Лыщеня Захар Григорьевич: [ Герой Саветского Союза (1945), уроженец Любанского района] // Минская область: Энциклопедия: в 2 т. Д-Я. Т.2 — Минск: Белорусская энциклопедия им. П. Бровки, 2007. — С. 300.

3. Лышчэня захар Рыгоравіч: [Герой Савецкага Саюза, нарадзіўся у Любанскім раёне] // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т.9 / Рэдкалегія: Г.П. Пашкоў (галоўны рэдактар) [і інш.].- Мінск, Беларуская энцыклапедыя, 1999. — С. 387.

4. Лышчэня Захар Рыгоравіч: [Герой Савецкага Саюза, нарадзіўся у Любанскім раёне] // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. Т.4. Кадэт Лышчэня /Беларуская Энцыклапедыя; рэдкалегія: Г.П. Пашкоў (галоўны рэдактар) [і інш.]. — Мінск, Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1997. — С. 408.

5. Сіняк, Н. Мужны ўчынак: [пра Героя Савецкага Саюза З.Р. Лышчэню] / Н. Сіняк // Голас Любаншчыны. — 2000. — 26 красавіка.

6. Паграбняк, М. Памяць жыве вечна: [пра Героя Савецкага Саюза З.Р. Лышчэню] / М. Паграбняк // Голас Любаншчыны. —1994. —19 кастрычніка. 7. Аленчык, М. Мужнасць героя: [разведчык З.Р. Лышчэня] /М. Аленчык //Голас Любаншчыны. — 1993. — 8 мая.

 

 

 

Комментарии закрыты.