Раманчук Іван Мікалаевіч

Нарадзіўся Іван Мікалаевіч Раманчук (20 лютага 1942 года) ў в. Ямінск Любанскага раёна. Закончыў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя. А.М.Горкага. Амаль 20 гадоў працаваў у сістэме адукацыі – быў дырэктарам Смілавіцкай школы-інтэрната для дзяцей з недахопамі развіцця, потым працаваў у аддзяленні памежных станаў 2-й дзіцячай бальніцы. У той час Іван Мікалаевіч пачаў займацца самадзейнасцю і неўзабаве становіцца мастацкім кіраўніком ансамбля “Мінскі гармонік”. Спачатку ён – заліхвацкі гарманіст ансамбля «Гармонік» пры сталічным Палацы культуры чыгуначнікаў. Калектыў узяўся за рэабілітацыю аднайменнага беларускага музычнага інструмента. На базе цэнтра этнаграфіі і фальклору «Каляндар» у 1992 годзе І.М. Раманчук стварае свой ансамбль пад назвай «Менскі гармонік». У новы калектыў прыйшло шмат моладзі, якая па-сапраўднаму «гарэла» творчасцю. Ансамбль земляка – пастаянны ўдзельнік сталічных святаў, выступае на рэспубліканскіх фестывалях «Звіняць цымбалы і гармонік», «Пеўчае поле», «Мемарыял памяці» і іншых, выязджае з канцэртамі за мяжу. Запісы на радыё і тэлебачанні пачалі прыносіць славу. I хоць калектыў пастаянна абнаўляецца, але планка высокага прафесійнага майстэрства заставалася. I.М. Раманчук часта выкарыстоўваў ў напісанні сваіх песень вершы вядомых беларускіх аўтараў, у тым ліку Петруся Броўкі, Яўгеніі Янішчыц. Палітра твораў музыканта вялікая, шматжанравая: ад фальклорных матываў да эстрады. Вялікім поспехам карысталіся песні «Сустрэча з домам», «Слова да маці», «Менскі гармонік», «Спявай душа народная», «Матчына акенца»… А яшчэ – пра Любань «У белым рамонку» на словы паэта Уладзіміра Паўлава. Увогуле, усе песні Iвана Мікалаевіча – гэта радасць і боль за свой бацькоўскі кут, непарыўная сувязь паміж асобай і месцам яе нараджэння. Галоўная ідэя твораў – любоў да сваёй малой радзімы. Ён нібы перасцерагаў: у жыцці, каб не згубіцца на белым свеце, трэба трымацца свайго роду-племені. Не выпадкова, адна з яго якасцей была – гэта пастаянная цяга да бацькоўскага краю, да тых мясцін, дзе нарадзіўся і ўзрос. Кіраўнік ансамбля «Мінскі гармонік» – заўсёды быў жаданы і чаканы госць на Любаншчыне. I якое б свята ні праводзілася, ляцеў Іван Мікалаевіч на малую радзіму. Замілаваны прыгажосцю чароўнай Арэсы, што працякае праз Любань, Іван Мікалаевіч пісаў:

Цячэ чараўніца Арэса

Праз Любань у глыбіні Палесся,

Праз гаі, лясы і балоты,

Пад крык жураўліны журботны.

Партызанскі край мой любы,

Край славутых перамог,

Горад слаўны, родны Любань –

Скрыжаванне ўсіх маіх дарог…

Аўтар зборніка вершаў, вершаў-песень на беларускай і рускай мовах, з’яўляецца аўтарам звыш 50 музычных твораў, большасць з якіх — вядомыя песні пра Беларусь, пра свой край. Кампазітар і музыкант творча, па-мастацку выкарыстоўваў народную творчасць, фальклор роднага краю. Прысвяціў Iван Мікалаевіч не адну песню і гораду Любань.

Разам з малаком маці ўвабраў усю любоў да свайго краю. 3 малых год хлопчык выказваў цікавасць да народнай музыкі, танцаў, спеваў. Калі ў трынаццацігадовым узросце атрымаў ад бацькі ў падарунак гармонік, радасці яго не было канца. З-за гармоніка не бачна было галавы Івана, калі той расцягваў мяхі інструмента. А як па-заліхвацку граў на вяселлях і вечарынках! 3 той пары і не развітваецца зямляк з гармонікам, як са сваім сябрам. Песні, якія пачуў ад матулі Ніны Паўлаўны, пачынаў падбіраць і іграць. Наступнай прыступкай да мастацтва была імправізацыя на народныя мелодыі з роднай вёскі: польку, вальс, кадрыль. Пазней і сам пачаў ствараць яркія музычныя кампазіцыі.На жаль пайшоў з жыцця 7 кастрычніка 2017 года.

Комментарии закрыты.