“Я – Іван з Беларусі” – так казаў пра сябе пісьменнік Іван Муравейка. Яго імя добра вядома ў нашай краіне. На мудрых і таленавітых кнігах майстра слова выхоўвалася не адно пакаленне беларусаў. У літаратурнай скарбонцы аўтара – шматлікія вершы, апавяданні, нарысы, фельетоны, паэмы і інш. Іван Муравейка пераважна пісаў для дзяцей. Паэт валодаў дарам-уменнем гаварыць з дзецьмі проста, займальна і шчыра на самыя розныя тэмы. Творы пісьменніка напоўнены дабрынёй і любоўю да дзяцей. Вобразна і дасціпна аўтар раскрывае свет дзіцячых уяўленняў, вучыць патрыятызму, любові да роднага краю, працы.
22 лістапада ў раённай цэнтральнай бібліятэцы імя І.А.Муравейкі прайшоў паэтычны квіз “Паклон таленту паэта”, з мэтай папулярызацыі творчасці пісьменніка-земляка Івана Андрэевіча Муравейкі, паэтычнай культуры ў маладзёжным асяроддзі. Арганізатарам з’яўляецца ДУК “Любанская раённая цэнтральная бібліятэка імя І.А. Муравейкі”, пры падтрымцы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Любанскага райвыканкама.
Удзел прынялі навучэнцы гарадскіх школ: каманда “Сузор’е надзей” ДУА “Сярэдняя школа №1 г. Любані”, каманда “Мурашыкі” ДУА “Гімназія №1 г. Любані”, каманда “Мурашы” ДУА “Сярэдняя школа №3 г. Любані імя Г.Л.Сечко”.
У напружанай працы каманды змагаліся на веданне творчасці Івана Андрэевіча. Паэтычны квіз складаўся з сямі заданняў: візітоўка, экспрэс-віктарына “Крочым біяграфічнымі сцежкамі Івана Муравейкі”, конкурс “Працягні далей верш”, конкурс “Акраверш”, конкурс “Бурымэ”, хатняе заданне (прачытаць верш на памяць Івана Муравейкі) і прачытаць верш уласнага сачынення. Крытэрыі ацэнкі заданняў былі: веданне тэксту на памяць, выразнасць, правільнае літаратурнае вымаўленне, артыстызм, арыгінальнасць, эмацыянальнасць выканання, сэнсавая цэласнасць твора.
Кампетэнтнае журы вызначыла пераможцаў: 1 месца – каманда “Мурашыкі” ДУА “Гімназія №1 г. Любані”; 2 месца – каманда “Сузор’е надзей” ДУА “Сярэдняя школа №1 г. Любані”; 3 месца – каманда “Мурашы” ДУА “Сярэдняя школа №3 г. Любані імя Г.Л.Сечко”. Пераможцы конкурса атрымалі дыпломы ў каштоўныя падарункі.





