24 кастрычніка ў час святкавання з нагоды Дня нараджэння славутага беларускага пісьменніка-земляка Івана Андрэевіча Муравейкі на Любаншчыне прайшла прэзентацыя кнігі Ірыны Буторынай “Сустрэча з пісьменнікам або як зрабіць урок чытання любімым”. Мерапрыемства мела пачатак у ДУА “Сярэдняя школа № 3 г.Любані імя Г.Л.Сечко” урок для навучэнцаў школы правялі студэнты Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка з удзелам Ірыны Аляксандраўны Буторынай — старшы выкладчык кафедры беларускага і рускага мовазнаўства, намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце факультэта пачатковай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка.

Далей прайшла сустрэча ў літаратурнай гасцёўне “Любаншчына літаратурная” для настаўнікаў школы і бібліятэкараў ДУК “Любанская раённая цэнтральная бібліятэка імя І.А.Муравейкі”. Сваё меркаванне пра цудоўны зборнік выказала “У слове ад укладальніка” настаўнік, выкладчык, метадыст, чытач улюблёны ў дзіцячую кнігу Ірына Буторына. На гэтых старонках так прыгожа гучыць размова пра тое, як дзеці школьнага ўзросту любяць сустракацца з пісьменнікамі, якія шчыра і вельмі добразычліва дзеляцца з даверлівай дзіцячай аўдыторыяй светлымі ўспамінамі пра сваё дзяцінства, пра першае апавяданне ці верш, пра творчую дзейнасць. І з ахвотай даюць карысныя парады маленькім аматарам, як трэба пісаць першыя літаратурныя творы. Пра каго гэтая “жывая дакументальная крыніца”? Ірына Аляксандраўна правяла майстар-клас прэзентацыю па арганізацыі ўрокаў, мерапрыемстваў для дзяцей. Як зрабіць урок чытання цікавым і змястоўным, а самае галоўнае далучаць саміх дзяцей да ўдзелу ў творчым працэсе пад час прядзення ўрока або мерапрыемства. Прывіваць тым самым любоў да беларускай, роднай мовы, выхоўваць патрыятызм і гордасць за сваю радзіму, сваю Беларусь. У кнізе водгукаў удзельнікі пакінулі запіс аб наведванні літаратурнай гасцёўні.


Затым удзельнікі мерапрыемства і госці свята завіталі ў ДУ “Любанская дзіцячая школа мастацтваў” вялікая зала сабрала аматараў роднага слова, дзяцей, настаўнікаў гарадскіх школ г.Любані, бібліятэкараў.
У фае выставу дзіцячых малюнкаў “Зорны россып творчасці” з паэтычнымі радкамі беларускіх аўтараў прадставілі навучэнцы Любанскай дзіцячай школы мастацтваў.
Бібліятэкары Любанскай раённай цэнтральнай бібліятэкі імя І.А.Муравейкі прапанавалі ўдзельнікам свята наведаць выставу дзіцячай беларускай літаратуры “Сэрцам роднага слова краніся” з прэзентацыяй кніг, літаратурным квэстам, а таксама на памяць кожны ўдзельнік атрымаў буклет, закладку, фотаздымак на памяць.
Галоўнае дзеянне адбылося на вялікай сцэне. Перад пачаткам прысутныя паглядзелі відэафільм “Тут на ўсё жыццё прыпісана маё сэрца” пра І.А.Муравейку – дзядулю ўсіх дзяцей Любаншчыны і не толькі, зазірнулі ў вочы пісьменніка-земляка, успомнілі яго мілавідную ўсмешку і яшчэ раз сустрэліся ва ўспамінах і творчасці. Затым удзельнікі ўзорнага тэатральнага калектыва “Летуценнікі” пад кіраўніцтвам Алы Валянцінаўны і Васіля Сцяпанавіча Каткаўцоў прадставілі на сцэне паэтычны ўрок “Чараўнікі з краіны “Маленства” па творах Івана Муравейкі і Міколы Чарняўскага. Усе ўдзельнікі “Летуценнікаў” атрымалі ў падарунак кнігі гэтых аўтараў ад І.А.Буторынай.





