Памяць жыве ва ўспамінах і творчасці

 5 сакавіка 2021 года, перастала біцца сэрца І.А.Муравейкі, старэйшага лейтэнанта, ветарана вайны, ганаровага грамадзяніна г.Любані, лаўрэата літаратурнай прэміі імя В.Віткі, лаўрэата рэспубліканскай літаратурнай прэміі “Залаты купідон”, аўтара больш за дваццаці кніг. Але памяць жыве ва ўспамінах, у творчай спадчыне нашага дарагога пісьменніка-земляка Івана Андрэевіча.

Любаншчына стала калыскай паэтычнай творчасці паэта. Сустрэчы з ім заўсёды былі цёплыя, душэўныя. Так склаўся літаратурны лёс пісьменніка, што ведаем мы яго як найбольш дзіцячага пісьменніка, паэта. Дзесяткі вершаваных зборнікаў для маленькіх, якія напісаў Іван Андрэевіч з цеплынёй, шчырасцю, замілаваннем і пяшчотай даўно і надоўга перасяліліся ў вучнёўскія чытанкі. Франтавая дарога баявога шляху – цяжкія баі, шпіталь, а пасля зноў фронт…Словам, хапіла франтавога ліха салдату-акопніку.

Памяць пра Івана Андрэевіча жыве ў нашых сэрцах і не памеркне ніколі…

Чытайце кнігі Івана Муравейкі ў нашых біблятэках

ТВОРЧАЯ БІЯГРАФІЯ

Друкуецца з 1936 года. Аўтар зборніка вершаў «Песня над палямі» (1955). Пісаў пераважна для дзяцей: зборнікі вершаў «Ручаінкі» (1956), «Вось якія мы» (1958), «Пра работу і ляноту» (1960), «Дружная сямейка» (1961), «Сняжынкі-смяшынкі» (1962), «Сем колераў вясёлкі» (1965), «Лясное возера» (1970), «Мы таксама падрасцём» (1971), «Дуб і дубок» (1977), «Няхай сонца не заходзіць» (вершы, паэмы, казкі, 1981), «Я прыдумаў казку» (1985), «Вадзіца з крыніцы» (2006), «Званочкі ў блакіце» (2016) і інш.

Творы пісьменніка апяваюць прыгажосць роднага краю, чароўную родную прыроду, расказваюць пра захапленні дзяцей, прывіваюць маленькім чытачам высакародныя чалавечыя якасці — шчырасць і сціпласць, добразычлівасць і мужнасць, любоў да працы і Радзімы.

У кнігу «Дарога без прыпынку» (2017) увайшлі выбраныя творы: вершы пра дзіцячыя і юнацкія гады, пра баявое братэрства, апавяданні, успаміны, літаратуразнаўчыя нарысы, сатырычныя творы, напісаныя на працягу ўсяго жыцця. Сярод герояў кнігі — франтавыя сябры аўтара, пісьменнікі, працаўнікі сяла…

Комментарии закрыты.