Жыццё, прысвечанае слову

Паважаная, Лідзія Сымонаўна віншуем Вас з юбілейным Днём нараджэння. Зычым вам моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту!

Юбілеі вясною асобыя: 
Абуджэнне прыроды відаць,
 Таму словы ў нас адмысловыя,
 У іх светлую радасць чуваць.
 Няхай жыццёвая дарога
 Заўсёды шчасліва бяжыць.
 Жадаем Вам зусім нямнога –
Сто гадоў у радасці пражыць.
 Каб людзі добрыя заўсёды
 Ішлі на Вашае цяпло,
 А ў доме Вашым з кожным годам
 Утульней і святлей было!

Лідзія Сымонаўна Савік — літаратуразнаўца, крытык, кандыдат філалагічных навук. Працавала старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН Беларусі. Дацэнт Беларускага універсітэта культуры і мастацтва. Акадэмік Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі.

Нарадзілася 1 сакавіка 1936 г. у в. Камуна Любанскага раёна дзяды і бацькі Лідзіі Савік былі простымі сялянамі, якія аднымі з першых разам з Эмануілам Модзіным і Цімафеем Смірновым прыйшлі на Мар’інскае балота, каб арганізаваць там камуну. 

З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны бацька, Адам Адзярыха, пайшоў на фронт і ў 1941 г. загінуў пад Масквой. Родную вёску Камуну спалілі немцы. Тады маці з двума дзецьмі, Лідай і Ірынай, адправілася ў партызанскі атрад брыгады імя Панамарэнкі. Была сувязной, потым — у гаспадарчым узводзе, узнагароджана ордэнам і баявымі медалямі як удзельніца Вялікай Айчыннай вайны.

Пасля вызвалення Беларусі сям’я жыла ў Любані. Лідзія вучылася тут у школе. У сувязі з пераводам айчыма (Сымона Шыкунова) на работу ў іншыя гарады і пераездамі сям’і, давялося часта мяняць месца вучобы. Сярэднюю школу Лідзія Савік скончыла ў Дзяржынску ў 1954 г. Працавала піянерважатай у Вязанскай СШ Дзяржынскага раёна (1954-1955 гг), у Дзяржынскай СШ №1 (1955-1959). У 1959 г пераехала ў Мінск, дзе настаўнічала ў СШ № 62, працавала ў Фундаментальнай бібліятэцы АН Беларусі (1966-1978 гг.).

У 1962 скончыла філалагічны факультэт Дзяржуніверсітэта, затым аспірантуру. У 1977 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю па праблемах сучаснай беларускай літаратуры. 3 1978 г. — на працы ў Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук. Выкладала ў ВНУ беларускую літаратуру, чытала спецкурсы пра творчасць рэпрэсіраваных і эмігранцкіх пісьменнікаў. 3 1992 г. — дацэнт Беларускага універсітэта культуры і мастацтва.

Літаратурнай дзейнасцю пачала займацца ў 70-я гады. Першы артыкул «Сучасная беларуская проза» быў апублікаваны ў 1974 г. Кола даследчых інтарэсаў Лідзіі Савік — праблемы развіцця беларускай літаратуры XX ст. Каб вярнуць спадчыну рэпрэсіраваных пісьменнікаў, дабілася магчымасці працаваць у архівах НКУС — КДБ, сабрала дакладныя звесткі пра трагічныя лёсы беларускіх паэтаў і празаікаў.

Аўтар манаграфій «Адчуванне часу», «Пад мірным небам Бацькаўшчыны», «Каб не астыла цяпло зямлі», сааўтар кніг «Беларускія пісьменнікі і літаратурны працэс 20-30-х гадоў», «Сыны і пасынкі Беларусі», «Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы», «Культура беларускага замежжа», “Адна між замкаў” і інш. Друкуецца на старонках рэспубліканскіх перыядычных выданняў. Аўтар звыш 100 артыкулаў і рэцэнзій, 230 энцыклапедычных артыкулаў. Збірала матэрыялы пра жыццё і дзейнасць вядомых беларусаў у Францыі, Германіі і ЗША. Аўтар шэрагу даследаванняў пра творчасць беларускіх пісьменнікаў-эмігрантаў («Пакліканыя: літаратура беларускага замежжа» і інш.).

Комментарии закрыты.