Інтэрактыўная гульня “У пошуках літары Ў” аб’яднала юных аматараў роднай мовы!
Перад святам у дзіцяча-юнацкім аддзеле Любанскай раённай цэнтральнай бібліятэкі імя І.А.Муравейкі адбылася захапляльная квэст-гульня, у якой з ахвотай прынялі ўдзел навучэнцы 4 “В” класа сярэдняй школы №1 горада Любані.
Хлопчыкі і дзяўчынкі здзейснілі ўнікальнае вандраванне па сямі станцыях, дзе іх чакалі разнастайныя і пазнавальныя заданні. Галоўная задача — адшукаць і сабраць усе часткі згубленай беларускай літары “Ў”!
На кожнай станцыі дзяцей чакалі свае выпрабаванні: ад адгадвання загадак і пошуку словаў да музычных і ілюстрацыйных заданняў, звязаных з беларускай культурай ды мовай. Атмасфера была напоўнена смехам, зацікаўленасцю і, вядома ж, жаданнем перамагчы, але галоўнае — гэта яднанне вакол роднага слова. Юныя ўдзельнікі з лёгкасцю прадэманстравалі, наколькі глыбока яны разумеюць і любяць сваю родную мову.
А ў самым канцы ўсіх чакаў прыемны падарунак ад фабрыкі “Камунарка” — смачныя цукеркі, аздобленыя прыгожымі беларускімі словамі!
Упэўнены, што падобныя інтэрактыўныя формы работы дапамагаюць дзецям не проста запамінаць правілы, а адчуваць мову, яе жывую энергію. Калі ўжо сама “літара Ў”, такая незвычайная і любімая, становіцца цэнтрам прыцягнення, то гэта ўжо вялікі крок да сапраўднай любові да роднай мовы.


