2 кастрычніка ўдзельнікі літаратурнага аматарскага аб’яднання «ЖЫВІЦА», якое дзейнічае пры аддзеле абслугоўвання і інфармаціі ДУК «Любанскай раённая цэнтральная бібліятэка імя І.А.Муравейкі» завіталі ў вёску Кузьмічы на літаратурна-краязнаўчую вандроўку «Роднага краю мілы куточак».
Бібліятэкар Кузьміцкай сельскай бібліятэкі I катэгорыіі В.А. Рагалевіч правяла для гасцей цікавую лекцыю пра мінулае вёскі, яе выдатных землякоў, іх здольнасці і шчырасць. Прысутныя з захапленнем паглыбіліся ў мясцовыя павер’і і міфы.
Краязнаўца А.І. Вялічка, які раней кіраваў Камунараўскай школай, падзяліўся ўспамінамі пра тое, як арганізоўваўся саўгас «10 год БССР» на Мар’інскіх балотах, і пра першага жыхара вострава Сосны, Дзям’яна Нагорнага, які родам з вёскі Кузьмічы.
На сустрэчы гучалі вершы розных аўтараў, якія ў сваіх творах адлюстроўвалі гісторыю і жыццё роднага краю. Свае вершы чыталі К. Ляўчэня, З. Майсяеня, В. Рагалевіч, А. Скурко, А. Вялічка, Н. Бышык, М. Булацкая і Н. Буякевіч.
Музычным падарункам для ўсіх стала выступленне Валянціны Філіпаўны Міхайлавай з вёскі Камуна, якая парадавала прысутных сваімі песнямі.
Пасля насычанай экскурсіі і кранальных гісторый, літаратары «ЖЫВІЦЫ» падзяліліся сваімі ўражаннямі. Кожны адзначыў, як важна захоўваць памяць пра свае карані, пра тых, хто ствараў гісторыю роднага краю. Адчувалася, што паездка ў Кузьмічы кранула самыя глыбокія ноты ў сэрцах прысутных, натхніла на новыя творчыя здзяйсненні. Удзельнікі літаратурнай вандроўкі пакінулі Кузьмічы ўзбагачаныя духоўна і эмацыйна. Вандроўка ў Кузьмічы стала яшчэ адным пацвярджэннем таго, як важна берагчы і шанаваць сваю гісторыю, сваю культуру, сваю малую радзіму.


