Зінаіда Міхайлаўна Майсяеня (Корбут) нарадзілася 1 студзеня 1957 года ў гарадскім пасёлку Любань. У сям’і педагогаў, Корбута Міхаіла Андрэевіча і Лідзіі Цімафееўны, яна была першынцам. Імя далі Зінаіда ў гонар бабулі. Праз тры гады ў сям’і з’явілася яшчэ адна дачушка – Таццяна. Бацькі любілі сваіх дзяўчатак, аддавалі ім цяпло сваёй душы, вучылі весці хатнюю гаспадарку, збіраць лясныя дары, лавіць рыбу, дапамагаць бабулі, паважліва адносіцца да людзей, ладзіць з сябрамі.
Вялікую ролю ў выхаванні Зінаіды Міхайлаўны адыгралі бабуля Зінаіда Андрэеўна і дзядуля Цімафей Дзмітрыевіч, у якіх яна праводзіла шмат часу. Гэта сціплыя і добразычлівыя, працавітыя і душэўныя, мудрыя людзі. Пра іх Зінаіда Майсяеня ўспамінае з асаблівай цеплынёй. Да іх ішлі і ехалі знаёмыя і незнаёмыя з усяго раёна, каб пагаварыць, параіцца, расказаць пра сваё жыццё, успомніць былыя гады, падзякаваць за шчодрасць і спагаду. Вось у такой атмасферы фарміраваліся жыццёвыя погляды, характар Зінаіды Міхайлаўны.
У школьныя гады яна напісала свае першыя вершаваныя творы. Скончыўшы Любанскую сярэднюю школу № 2 у 1974 годзе, Зінаіда паехала паступаць у Гродзенскі педагагічны інстытут. Уступныя экзамены былі здадзены, але, каб прайсці па конкурсу, не хапіла паўбала.
Са жніўня 1974 года пачалася яе педагагічная дзейнасць у Засмужскай пачатковай школе, потым – Загальскай сярэдняй школе ў якасці настаўніцы пачатковых класаў.
У 1979 годзе Зінаіда Міхайлаўна скончыла Мінскі педагагічны інстытут імя М. Горкага і прыехала працаваць у сваю родную школу. Праз некалькі год ёй пашчасціла працягнуць сваю педагагічную дзейнасць у беларускамоўнай Сароцкай сярэдняй школе.
Мова продкаў прабудзіла новыя пачуцці: патрыятызм, гордасць, зачараванне родным словам. Нягледзячы на пастаянную занятасць, вельмі адказную працу, Зінаіда Міхайлаўна знаходзіла час для творчасці.
Кожны твор, напісаны ёю, непаўторны, прасякнуты шчырымі пачуццямі, перажываннямі і разважаннямі пра жыццё, Радзіму, прыгажосць роднага краю. Хочацца верыць, што творы Зінаіды Майсяені знойдуць свайго чытача, прынясуць задавальненне ад знаёмства з самабытнай творчасцю.
Чытайце і захапляйцеся творчасцю самабытнай паэткі любанскай зямлі Зінаіды Майсяені.
Майсяеня З.М. Якім я бачу гэты свет: зборнік вершаў/ ДУК “Любанская раенная цэнтральная бібліятэка імя І.А.Муравейкі”, аддзел маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы. – Любань, 2026. – 29 с.іл.
Гэты зборнік — маляўнічае і вельмі асабістае падарожжа па сцежках роднага краю. У ім свет паўстае не проста як навакольнае асяроддзе, а як жывы і цёплы дом, дзе кожная кветка і кожны чалавечы лёс маюць сваё адмысловае месца. Прызначаны для шырокага кола чытачоў.
Майсяеня З.М. Словы родныя, родныя словы: зборнік вершаў / Дзяржаўная ўстанова культуры “Любанская раённая цэнтральная бібліятэка імя І.А.Муравейкі”, аддзел бібліятэчнага маркетынгу. – Любань, 2024. – 22 с.
У новы зборнік самабытнай паэткі ўвайшлі вершы пра самае дарагое – Радзіму. Яе прыгажосць: празрыстыя рэкі і азеры, квітнеючыя палі і лугі, людзей якія жывуць побач, пра родную, цудоўную, мілагучную родную мову. На Радзіме сонца грэе ярчэй і цяплей, абдымае сваімі промнямі надзей. Для шырокага кола чытачоў.

Майсяеня, З.М. Пішу як жыву, сумленна і проста: зборнік вершаў / Дзяржаўная ўстанова культуры “Любанская раённая цэнтральная бібліятэка”, аддзел бібліятэчнага маркетынгу. – Любань, 2020. – 62 с.: іл.
У зборнік увайшлі вершы самабытнай паэткі. Шчыра і сардэчна напісана пра сваю дарагую радзіму і родных людзей, дзяцінства, школьныя гады, поры года і прыроду. Творы напісаны жывой мовай, прасякнуты шчырай удзячнасцю, глыбокай любоўю, кранаюць сваім лірызмам. Выданне разлічана на шырокае кола чытачоў.
Майсяеня З.М. Мелодыі маёй душы: зборнік вершаў / Дзяржаўная ўстанова культуры “Любанская раённая цэнтральная бібліятэка імя І.А.Муравейкі”, аддзел бібліятэчнага маркетынгу. – Любань, 2023. – 46 с.: іл.
Зборнік складаецца з вершаў. Чуйна ўслухоўваючыся ў мелодыю сваёй душы, самабытная паэтка адкрыла сваю душу насустрач дабрыні, спагадзе, міласэрнасці. Мілагучныя вершы кранаюць душу, люляюць сваёй зямной прыгажосцю, чалавечнасцю, і сэрцам, і думамі, і душой. Выданне разлічана на шырокае кола чытачоў.
