Анатоль Іосіфавіч Вялічка – краязнавец, самадзейны паэт. Нарадзіўся ў 1949 годзе ў п. Сосны Любанскага раёна ў сям’і рабочых. У 1955 г. пайшоў у першы клас Соснаўскай СШ № 1, якую скончыў у 1966 г. У 1964 г. быў прыняты ў рады УЛКСМ. Да прызыву ў рады Савецкай Арміі працаваў у саўгасе імя “10 год БССР” рознарабочым. З мая 1968 г. па снежань 1970 г. служыў у радах Савецкай Арміі. Падчас службы быў прыняты ў 1969 г. у члены КПСС. У 1970 г. узнагароджаны юбілейным медалём “За воинскую доблесть” у азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У.І. Леніна. Са студзеня па жнівень 1971 г. працаваў вадзіцелем у родным саўгасе. Затым два гады вучыўся ў Магілёўскай савецкай партшколе пры ЦК КПБ. З верасня 1973 г. — сакратар партарганізацыі саўгаса “Гарадзяцічы” на Любаншчыне. З кастрычніка 1980 г. па люты 1981 г. намеснік старшыні, сакратар партарганізацыі калгаса “Расвет”. З марта 1981 г. па сакавік 1986 г. — старшыня калгаса імя “БВА”, а затым, па кастрычнік 1989 г. — сакратар партарганізацыі гэтай гаспадаркі. У кастрычніку-лістападзе 1989 г. — дырэктар навучальнага камбіната Любанскага РАПО, а пасля яго рэарганізацыі да верасня 1990 г. — намеснік дырэктара ПТВ-201 па курсавой падрыхтоўцы вадзіцеляў. З верасня 1990 г. — выкладчык НВП ў Нежынскай СШ. У 1997 г. быў пераведзены дырэктарам Камунараўскай базавай школы. У красавіку 2010 г. звольніўся з працы па ўласным жаданні, а ў верасні 2010 г. прыйшоў на працу настаўнікам гісторыі ў родную Соснаўскую СШ № 1. У 2017 г. пайшоў на заслужаны адпачынак. Праз два гады прыняты на працу настаўнікам гісторыі і грамадазнаўства, з выкладаннем геаграфіі і працягам стварэння музея школы ў Малагарадзяціцкай сярэдняй школе.

Анатоль Вялiчка нарадзiўся праз тры гады пасля вайны. Бацькi яшчэ жылi ў зямлянцы. Таму, як усе пасляваенныя хлапчукi, гуляў у ваенныя гульнi “Красныя i белыя”, басанож пасвiў гусей. Затым — 1955 г. Соснаўская СШ № 1, дзе першай настаўнiцай была Марыя Афанасеўна Холад, але ў сярэднiя класы выпускала Соф’я Емельянаўна Дрожжа, якая размаўляла толькі на беларускай мове. Анатоль рос актыўным хлапчуком i ў 6 класе са сцэны сельскага клуба чытаў байку Ул. Корбана “Iванавы кiшэнi”. Соф’я Емельянаўна працягвала выкладаць беларускую мову i лiтаратуру, i ён настолькi захапiуся мовай, што сам пачаў складаць байкi i вершы. У старэйшых класах браў актыўны ўдзел у грамадскiм жыццi школы, удзельнiчаў у КВЗ, член актыву камсамольскай арганiзацыi школы, удзельнiчаў у спартыўных мерапрыемствах, а на VII Рэспублiканскай спартыўнай алiмпiядзе школьнiкаў, што праводзiлася на базе Соснаўскай СШ № 1, атрымаў Грамату райкама камсамола i адукацыi за 1 месца ў штурханнi ядра. У летнiя канiкулы працаваў ў будаўнiчай брыгадзе, памочнікам камбайнёра ў бацькi. Пасля заканчэння адзiнаццацiгодкi працаваў рознарабочым саўгаса iмя “10 год БССР”, вечарамi праходзіў курсы шафяроў. Працаваў сакратаром брыгаднай камсамольскай арганiзацыi, важатым ў пiянерскiм атрадзе ад вытворчасцi.

У маі 1968 г. пайшоў служыць у Савецкую Армію. Восенню быў абраны сакратаром камсамольскай арганiзацыi ўзвода разведкi i даручылі на грамадскiх пачатках працаваць у бiблiятэцы часцi (навыкi такой працы атрымаў у бiблiятэцы саўгаса пад кiраўнiцтвам загадчыцы, дачкi Героя Сацыялiстычнай Працы Ц.Я. Смiрнова, Кiберман Надзеi Цiмафееўны). А праз год яго прымаюць кандыдатам у члены партыi. У 1970 г. узнагароджаны медалём “За воинскую доблесть”. Залiчаны на курсы афiцэраў запаса i рыхтаваўся да дэмабiлiзацыi. Але ў маi камандзiр часцi паведамляе, што патрэбна прыняць удзел у сельгасработах. Месяц iшла падрыхтоўка каля ст. Заслонава да ўдзелу ва ўборачных работах. Затым два месяцы працавалi ў Валгаградскай вобласцi. Раённая газета “Путь Ильича” на сваiх старонках паведамляла, што малады камунiст Анатоль Вялiчка выконвае па дзве нормы ў дзень. За такую працу атрымаў Дыплом “Ударник Ленинской трудовой вахты”, “Отличник автомобильных перевозок сельскохозяйственных грузов” 1970 г. Затым часць перадыслакоўваюць у Балахцiнскi раён Краснаярскага краю. Адмiнiстрацыя гаспадаркi i райкам партыi адзначае працоўныя дасягненнi Ганаровымi граматамi. У снежнi 1970 г. вяртаецца ў сваю вайсковую часць у г.п. Крупкi. Палiтаддзел прымае радавога Вялічка А.I. у члены партыi i дэмабiлiзуе з Савецкай Арміі. Пакiдаючы часць, атрымаў пасведчанне аб занясеннi ў Кнiгу Пашаны часцi за добрасумленную службу. Пасля дэмабiлiзацыi быў прыняты на работу ў саўгас “Дзесяцiгоддзе БССР” шафёрам.

Засеў за кнiгi для падрыхтоўкi і паступлення ў педагагiчны ВУЗ на фiлалагiчны факультэт, аддзяленне беларускай мовы i лiтаратуры, якою захапiўся на ўроках яшчэ ў 6 класе. Але Любанскi райкам партыi прапанаваў паступiць у Магiлёўскую савецкую партшколу пры ЦК КПБ. З верасня 1971 г. — слухач эканамiчнага аддзялення гэтай навуковай установы. А з верасня 1973 г. па рэкамендацыi райкама партыi А.І. Вялічку абiраюць сакратаром партарганiзацыi саўгаса “Гарадзяцічы” Любанскага раёна. Работа спорыцца, наладжваюцца сувязi з грамадскай арганiзацыяй школы. Адзначаны Граматамi БФ Мiру i каштоўным падарункам, “Пераможца сацыялiстычнага спаборнiцтва” 1979 г. Мiнскай вобласцi. Абiраюць членам Прэзiдыума Рэспублiканскага таварыства “Веды”.

Актыўна прымаў удзел у падрыхтоўцы адкрыцця мемарыяльных дошак у в. Дварэц з нагоды друкавання ў гады вайны газет “Звязда”, “Чырвоная Змена” i раёнкi “Клiч Радзiмы”, а таксама размяшчэння штаба партызанскай брыгады № 121 iмя А. Брагiна. У 1980 г. райкам партыi пераводзiць на працу намеснікам старшынi калгаса i сакратаром партарганiзацыi калгаса “Расвет”, а затым, па рэкамендацыi, старшынёй калгаса iмя “БВА” з 28.02.1984 г.

Але мара працаваць у школе не давала спакою ўсе гады. Цеснае супрацоўнiцтва з калектывам школы, клубнымi ўстановамi прыносiла задавальненне. Завочна скончыў БГСХА i Унiверсiтэт марксiзма-ленiнiзма, дзе атрымаў права выкладаць гуманiтарныя дысцыплiны. Звярнуўся ў аддзел адукацыi i быў прызначаны настаўнiкам ПВП (капiтан запасу) i настаўнiкам гiсторыi у Нежынскую СШ. Працаваўшы ў школе, стварыў музей вёскi Нежын i калгаса “12 год Кастрычнiка”. Разам з вучнямi займаўся краязнаўчай работай, пiсалi летапiс вёскi, збiралi звесткi ў нацыянальным архiве. Аддзелам адукацыi Любанскага раёна прызначыны дырэктарам Камунараўскай базавай школы. Узначалiўшы школу, спачатку вырашаецца пытанне аб набыццi школай статуса сярэдняй, а затым — аднаўленне доўгабудаванага дзiцячага садка (побач са школай) пад рэканструкцыю для школьнага будынка.

Выбiраўся дэпутатам райсавета i, даведаўшыся пра спыненне фiнансавання будаўнiцтва школы, рашыў звярнуцца да Мiнiстра абароны Леанiда Мальцава. Шмат дапамогi аказаў дэпутат Палаты прадстаўнiкоў Iван Семяненя i сумеснымi намаганнямi з раённым выканаўчым камiтэтам на чале з В. Грыбанавым фiнансаванне было прадоўжана. Разам з вучнёўскiм калектывам збіралі матэрыялы аб жыццi i творчым шляху Я. Купалы, iмя якога носiць школа, гicторыi школы i вёскi. Ствараецца этнаграфiчны пакой, з дапамогай мясцовай гаспадаркi вучнi наведваюць музеi: Вязынка, Акопы, Ляўкi, Лiтаратурны у Мiнску, запiсваюць выступленнi на радыё. На тэрыторыi школы ствараецца з валуноў карта-схема “Пуцявiнамi Купалы”. Наладжваецца цеснае супрацоунiцтва з музеем Я. Купалы г. Мiнска. Вялася перапiска з музеем Я. Купалы ў сяле Пячышча паблiзу Казанi, дзе Купала пражываў у час вайны. Пры падтрымцы мясцовых улад, па яго iнiцыятыве адкрываецца Памятны знак у гонар 100-гадовага юбiлею Эмануiла Модзiна, першага старшынi камуны iмя “БВА” i ўтварэння знакамiтай ардэнаноснай гаспадаркi. Разам з вучнямi ўстанавілі памятныя знакi аб будаўнiцтве чыгункi камунарамi, якая апета Купалам у паэме “Над ракой Арэсай”, аб тым што вёска была спалена фашыстамi 17 лiпеня 1941 г. Амаль 20 гадоў на грамадскiх пачатках збiраў матэрыялы i кiраваў музеем гiсторыi мелiярацыi, якi адкрыты ў в. Камуна. Па ўзросту давялося перадаць справы кiраўнiцтва школай, але пакiнуць працу не надоўга прыйшлося.

З верасня 2010 г. прыступiў да работы настаўнiкам гiсторыi ў родным пасёлку Сосны ў школе, якую скончыў 44 гады таму. Пры падтрымцы адмiнiстрацыi школы разам з вучнямi аднавiлi i значна пашырылi музейную экспазiцыю знакамiтай ардэнаноснай гаспадаркi “10 год БССР”, потым — ААТ “Палессе-агра”, зараз ААТ “Імя К.І.Шаплыкі”. Адкрылi экспазiцыю жыццёвага i творчага шляху Я. Купалы, якi ў 1933 г. наведаў саўгас i рабфак падчас творчай камандзiроўкi са сваiмi аднадумцамi. I ў вынiку гэтай паездкi была складзена паэма “Над ракой Арэсай”. Зараз збіраецца матэрыял аб выпускнiках школы, якiя звязалi свой лёс з мастацтвам, вырабам лялек з ільну, сабраны матэрыял для пакоя гiсторыi школы “Краiна дзяцiнства”.

Анатоль Іосіфавіч піша вершы, з’яўляецца самым актыўным удзельнікам раённых мерапрыемстваў, у раённай газеце друкуюцца яго матэрыялы аб знакамiтых людзях саўгаса, настаўнiках, выпускнiках.

Чытайце і захапляйцеся творчасцю самабытнага паэта любанскай зямлі Анатоля Вялічкі.

Не згасне памяць камунараў. Экскурсійны маршрут / Дзяржаўная ўстанова культуры. Любанская раённая цэнтральная бібліятэка, аддзел бібліятэчнага маркетынгу, [склад. Н.Г.Бышык, аўтар ідэі краязнавец А.І.Вялічка]. – Любань: Любанская раённая цэнтральная бібліятэка, 2018. – 34 с.: іл.

Спадчына! Якое простае слова і які няпросты яго сэнс! Спадчына – гэта наша мінулае, наша памяць. Сапраўды, цяжка ўявіць сабе чалавека без гісторыі, без кроўных сувязей з роднай зямлёй, без адчування сваіх вытокаў. Мы запрашаем вас прайсціся сцежкамі па памятных мясцінах вёскі Камуна, прыгадаць яе спадчыну.

 

Чытаць кнігу

 

 

 

 

Вялічка, А. Натхненне малой Радзімы: зборнік вершаў /Дзяржаўная ўстанова культуры “Любанская раённая цэнтральная бібліятэка”, аддзел бібліятэчнага маркетынга; [складальнік Г.І.Ермаковіч (Вялічка), адказны рэдактар С.А. Баброўнік]. — Любань, 2019. —105 с.:іл.

Зборнік складаецца з вершаў. Аўтарам здзейснена вялікая задума — занатаваць на паперы і пакінуць нашчадкам звесткі ў вершаванай форме пра родныя мясціны, прыроду, людзей, якія жылі і жывуць побач. Трэба вельмі моцна любіць свой родны край, сваякоў, землякоў, каб так пранікнёна напісаць, укласці ў працу часцінку свайго сэрца.

 

Чытаць кнігу

 

 

 

 

Вялічка А.І. Узгадкі мінуўшчыны…: падзеі, легенды, мова зямлі – дзе нашыя продкі спрадвеку жылі / мастак-афарміцель А.Туз / ДУК “Любанская раенная цэнтральная бібліятэка імя І.А.Муравейкі”, аддзел маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы. – Любань, 2025. – 46 с.: іл.

“…Чаму ж не пісаць пра родную Беларусь, якая гэтак багата сваімі самабытнымі норавамі, міфалогіяй, мовай і, нарэшце, гульнямі і святочнымі абрадамі?” Павел Шпілеўскі, этнограф, даследчык, публіцыст.

Чытаць кнігу

 

 

 

 

 

 

Вялічка А.І. Памяць жывая сэрца кранае / ДУК “Любанская раенная цэнтральная бібліятэка імя І.А.Муравейкі”, аддзел маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы. – Любань, 2025. – 66 с.: іл.

Гістарычная памяць — усе віды інфармацыі аб падзеях мінулага, іх часе і месцы, удзельніках гістарычных падзей, а таксама здольнасць даражыць гістарычнымі традыцыямі свайго народа… На вокладцы (унізе) адкрыцце памятнага знака ў весцы Камуна Любанскага раена з нагоды 100-годдзя з дня нараджэння Э.Н.Модзіна, першага старшыні праўлення калгаса імя БВА, Героя Сацыялістычнай Працы (1966). Уверсе злева: Зямлянка Зыслаўскага мемарыяла, справа: Памятны знак у аг. Сосны-1 з нагоды разгрому нямецкага гарнізона 11 красавіка 1944 года партызанамі 25-й брыгады імя Панамарэнкі. У сярэдзіне злева: Помнік воінам-афганцам у г. Любані.

Чытаць кнігу 

 

 

 

 

 Вялічка А.І. Акрыляе жыцце – бацькоўскай хаты цяпло: зборнік артыкулаў/ ДУК “Любанская раенная цэнтральная бібліятэка імя І.А.Муравейкі”, аддзел маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы. –. Любань, 2026. – 39 с.іл.

Зборнік сабраў пад адной вокладкай гісторыю і шчырую споведзь даніны і павагі родным вытокам. Праз прызму ўспамінаў пра бацькоўскую хату, дзе кожная рэч захоўвае цяпло блізкіх людзей, аўтар разважае пра сапраўдныя жыццёвыя каштоўнасці. У цэнтры аповеду — лёсы людзей, якія прайшлі праз выпрабаванні вайны і мірнага часу, захаваўшы пры гэтым высакароднасць душы, адказнасць за сям’ю і бязмежную любоў да Радзімы. Адрасаваны шырокаму колу чытачоў, а асабліва моладзі, як напамін аб тым, што толькі праз пашану да сваіх каранёў чалавек здольны здабыць «крылы» для годнага палёту па жыцці. Гэта запрашэнне да дыялогу паміж пакаленнямі аб сэнсе быцця, мужнасці і пяшчоце, якія перадаюцца ў спадчыну.

Чытаць кнігу

Комментарии закрыты.