З намі век будзе жыць…

Любанская раённая цэнтральная бібліятэка імя І.А.Муравейкі ЗАПРАШАЕ на вечар памяці “З намі будзе век жыць…”.

Вечар прысвечаны Міхаілу Парфенавічу Барашкаву – камуністу, журналісту, рэдактару падпольнай газеты “Звязда”, “Чырвоная змена”. 

Матэрыял з газеты “Звязда” https://zviazda.by/ru/news/20220428/1651135233-derevnya-komsomolec-pohorony-mihaila-barashkova

Прысвячаецца 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 100-годдзю з часу ўтварэння Любанскага раёна.

У гады Вялікай Айчыннай вайны на акупаванай тэрыторыі Беларусі выдавалася больш за 160 падпольных газет і вялікая колькасць агітацыйна-прапагандысцкай літаратуры.

Але, што мы ведаем пра людзей, якія займаліся выданнем гэтай літаратуры? У Любанскім раёне таксама была такая падпольная друкарня. І кіраваў ею В.П. Барашкаў, які з’яўляўся рэдактарам падпольных газет “3вязда”, “Чырвоная змена”.

Пасля трагічнага правалу рэдакцыйнай дзейнасці ў акупаваным Мінску, дзе выйшлі чатыры нумары газеты, пяты быў падрыхтаваны, але так і не ўбачыў свет, працягнуць выпуск выдання было вырашана ў партызанскай зоне — сярод Любанскіх балот на легендарным востраве Зыслаў.

Пра біяграфію і дзейнасць Міхаіла Парфёнавіча ў Любанскім раёне распавёў Анатоль Вялічка, мясцовы краявед, самабытны паэт і член літаратурнага аб’яднання “Жывіца”, на вечары памяці “З намі век будзе жыць…”. У вучняў ДУА “Гімназіі № 1 г.Любань” з’явілася ўнікальная магчымасць даведацца аб дзейнасці падпольнай рэдакцыі, яе супрацоўніках, аб ушанаванні памяці пра іх сучаснікамі.

Прысутным былі прапанаваны кнігі пра партызанскі рух у Беларусі падчас Вялікай Айчыннай вайны. А пры дапамозе QR-кодаў вучні змаглі пазнаёміцца з іншымі публікацыямі, прысвечанымі партызанскаму друку.

Вечар памяці адкрыў цыкл мерапрыемстваў, прысвечаных 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 100-годдзю з часу ўтварэння Любанскага раёна.

Комментарии закрыты.