Віктар Якаўлевіч Прушак

Доктар тэхнічных навук, прафесар, горны інжынер-механік.

Нарадзіўся ў 1956 г. у вёсцы Ямінск Любанскага раёна Мінскай вобласці. У 1978 г. скончыў Наваполацкі палітэхнічны інстытут і ў 2000 г. – Маскоўскі дзяржаўны адкрыты ўніверсітэт. У 1978-1980 гг. – служба ў Савецкай Арміі, у 1980-1988 гг. – інжынер-тэхнолаг, начальнік інструментальнага ўчастка, начальнік механазборачнага цэха Салігорскага рамонтна-механічнага завода, у 1988-1993 гг. – дырэктар завода тэхналагічнага абсталявання (г. Салігорск), у 1993-1999 гг. – дырэктар, тэхнічны дырэктар ЗАТ “Салігорскі Інстытут праблем рэсурсазберажэння з Вопытнай вытворчасцю”. В. Я. Прушак – член каардынацыйнага савета па дзяржаўнай мэтавай навукова-тэхнічнай праграме “Хімічныя прадукты і тэхналогіі” на 2006-2010 гг. Вобласць навуковых інтарэсаў  – горнае машынабудаванне. Віктар Якаўлевіч Прушак — генератар ідэй і нестандартных канструктарскіх рашэнняў, аўтар больш за 180 навуковых прац у галіне машынабудавання і матэрыялазнаўства, у тым ліку 10 манаграфій. На яго рахунку 49 вынаходстваў і 24 карысныя мадэлі, накіраваныя на паляпшэнне горных тэхналогій, удасканаленне канструкцыйных і цеплагукаізаляцыйных матэрыялаў, 73 патэнта Беларусі і 14 — Расійскай Федэрацыі. Шэраг машынабудаўнічых вырабаў, створаных з выкарыстаннем распрацовак В. Я. Прушака, эфектыўна працуе не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, Украіне, Літве, Латвіі. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі (2000 г.). Узнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі” і “Залатым медалём” САІУ ў сферы інтэлектуальнай уласнасці (2010 г.).

Сумесным рашэннем Любанскага раённага выканаўчага камітэта і прэзідыума Любанскага раённага Савета дэпутатаў ад 07.06.2006 года № 941/10 В.Я. Прушаку прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін горада Любані”.

Бібліяграфія:

Прушак Виктор Яковлевич // Минская область : энциклопедия: в 2 т. Т. 2. – Мн., 2007. – С. 516.