Песняры беларускай паэзіі – Янка Купала і Якуб Колас

Яны нарадзіліся ў адзін час. Яны ўсё жыццё ішлі побач. Яны, кожны па-свойму, унеслі неацэнны ўклад у развіццё беларускай мовы і літаратуры.

Янка Купала і Якуб Колас – выразнікі нацыянальнай самасвядомасці і народных пачуццяў. Усё сваё жыццё яны аддана служылі беларускаму народу і пранеслі праз яго высокiя iдэалы гуманiзму, дабра i справядлiвасцi, аддалi народу свой талент, сваю душу i сэрца. У сваіх творах яны раскрылі асаблівасці нацыянальнага характару, духоўнага складу і жыцця беларусаў, выявілі незвычайную сілу і творчую магутнасць беларускага слова. Яны ўнеслі неацэнены ўклад у развіццё беларускай літаратурнай мовы, абудзілі цікавасць да яе як нацыянальнага скарбу беларускага народа, садзейнічалі ўзбагачэнню слоўнікавага складу мовы, павелічэнню яе мастацка-вобразных магчымасцяў.

Сваёй мастацкай творчасцю Я. Купала і Я. Колас вывелі беларускую літаратуру на еўрапейскі ўзровень. Яны здолелі паказаць, што на беларускай мове можна выразіць глыбіню пачуццяў, самыя складаныя філасофскія паняцці і асаблівасці светаўспрымання.

Гістарычная заслуга Янкі Купалы і Якуба Коласа заключаецца перш за ўсё ў тым, што яны стварылі сапраўдныя шэдэўры нацыянальнага мастацтва і тым самым узнялі беларускую літаратуру да ўзроўню літаратур свету, зрабілі яе агульнанароднай з’явай, адным з больш важных і дзейсных сродкаў маральнага і эстэтычнага выхавання будучых пакаленняў.

«Літаратурная пара» Купала–Колас і сёння прываблівае не толькі сваёй гарманічнай цэласнасцю, але і дадатковасцю, калі адзін класік дапаўняе другога, як гучнае рэха, якое паглыбляе адчуванне прасторы і часу. Блізкія ў сваіх поглядах і грамадскіх ідэалах, яны аказаліся вельмі рознымі па творчай манеры: у кожнага свой жыццёвы шлях, непаўторны стыль, духоўны свет. Але разам яны – родапачынальнікі новай беларускай літаратуры, стваральнікі класічнага стылю і літаратурнай мовы.

Класікі беларускай літаратуры Янка Купала і Якуб Колас пакінулі вялікую спадчыну, на якой вырасла не адно пакаленне, і якая на працягу дзесяцігоддзяў вывучаецца, асэнсоўваецца, перакладаецца на іншыя мовы свету.

Юрэвіч, У. Янка Купала: Нарыс жыцця і творчасці. – Мінск: Нар.асвета, 1983. – 208 с.: іл.

    Гэта кніга – сціслы нарыс жыцця і творчасці народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Аўтар прасочвае вытокі пісьменніка, разглядае самыя значныя яго творы, падрабязна спыняецца на духоўнай эвалюцыі самабытнага таленту, які развіваўся на шырокім фоне рэвалюцыйнай эпохі, азаронай святлом Вялікага Кастрычніка.

 

 

 

Навуменка, І. Якуб Колас: Нарыс жыцця і творчасці: 2-е выд.,са змяненнямі/ Іван Навуменка. – Мінск: Нар. асвета, 2003. – 207 с.: іл.

 У кнізе вядомага беларускага празаіка і літаратуразнаўцы івана Навуменкі, разглядаецца творчасць народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. Вялікая ўвага надаецца ідэйнаму зместу, праблематыцы твораў, іх мастацкага стылю, паэтыцы, асаблівасцям сюжэту, кампазіцыі, мовы. Раскрываецца роля вялікага паэта ў станаўленні беларускай літаратуры.

 

 

Народныя паэты Беларусі. Народные поэты Белоруссии (на белорусском и русском языке). – Мінск: Выдавецтва “Беларусь”, 1973. – 58 с. : іл.

      У кожнай нацыянальнай літаратуры ёсць пісьменнікі, чые творы найбольш поўна адлюстроўваюць духоўнае жыццё народа, чые імёны сталі сімвалічнымі. У беларускай літаратуры гэта Янка Купала і Якуб Колас. Яны нарадзіліся ў адным і тым жа 1882 годзе. Лёс звёў іх разам, наканаваў усё жыццё ісці побач, стаць выразнікамі гора і пакут, барацьбы і спадзяванняў свайго народа ў дарэвалюцыйны час, песнярамі яго светлай долі пасля Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі, калі беларускі народ упершыню ў сваёй гісторыі стаў свабодным.

 

Чырскі, М.А. Літаратурныя вандроўкі па зямлі Купалы і Коласа / Мікалай Чырскі. – Мінск: Беларусь, 2016. – 231 с.: іл.

     Апісаны маршруты, якія звязаны з жыццём і творчасцю Я.Купалы і Я. Коласа, а таксама многіх літаратараў. Адны з іх тут нарадзіліся, другія – тварылі ці толькі праязджалі па гэтых мясцінах. Крок за крокам чытач пройдзе шляхамі і сцежкамі зямлі Купалы і Коласа, не стамляючыся здзіўляцца, захапляцца, адчуваць сябе сапраўдным адкрывальнікам і нястомным вандроўнікам.

 

 

 

Купала і Колас, вы нас гадавалі: дакументы і матэрыялы / уклад.: В. Дз. Селяменеў [і інш.] ; рэдкал.: М. І. Мушынскі [і інш.]. – Мінск : Літаратура і Мастацтва, 2010. – Кн. 1 : 1909–1939. – 320 с.

     У зборнік увайшлі невядомыя і малавядомыя дакументы, у тым ліку аўтографы народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Аснову зборніка складаюць дакументы Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Расійскага дзяржаўнага архіва літаратуры і мастацтва, таксама выкарыстаны матэрыялы музеяў класікаў, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Дзяржаўнага архіва Мінскай вобласці, Цэнтральнага архіва Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь і інш.

 

Купала і Колас, вы нас гадавалі: дакументы і матэрыялы / уклад.: В. Дз. Селяменеў [і інш.] ; рэдкал.: М. І. Мушынскі [і інш.]. – Мінск : Літаратура і Мастацтва, 2011. – Кн. 2 : 1909–1939. Ч. 1. – 381 с.

     У зборнік увайшлі невядомыя і малавядомыя дакументы, у тым ліку аўтографы народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа, матэрыялы біяграфічнага характару, сведчанне пра грамадскае і літаратурнае акружэнне песняроў, увекавечанне іх памяці. Аснову зборніка складаюць дакументы Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага архіва Расійскай Федэрацыі, Расійскага дзяржаўнага архіва літаратуры і мастацтва. Выкарыстаны матэрыялы музеяў класікаў, архіва Якуба Коласа, што захоўваюцца ў яго нашчадкаў, а таксама Цэнтральнага навуковага архіва НАН Беларусі, Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Цэнтральнага архіва Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь і інш.

Купала і Колас, вы нас гадавалі: дакументы і матэрыялы / уклад.: В. Дз. Селяменеў [і інш.] ; рэдкал.: М. І. Мушынскі [і інш.]. – Мінск : Літаратура і Мастацтва, 2012. – Кн. 2 : 1939–2009. Ч. 2. – 336 с.

       У зборнік увайшлі невядомыя і малавядомыя дакументы, у тым ліку аўтографы народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа, матэрыялы біяграфічнага характару, сведчанне пра грамадскае і літаратурнае акружэнне песняроў, увекавечанне іх памяці. Аснову зборніка складаюць дакументы Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага архіва Расійскай Федэрацыі, Расійскага дзяржаўнага архіва літаратуры і мастацтва. Выкарыстаны матэрыялы музеяў класікаў, архіва Якуба Коласа, што захоўваюцца ў яго нашчадкаў, а таксама Цэнтральнага навуковага архіва НАН Беларусі, Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Цэнтральнага архіва Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь і інш.

Комментарии закрыты.