Брагін Аляксей Фёдаравіч       

Дата нараджэння — 14.03.1905 г.

Дата смерці — 09.10.1941 г.

Месца нараджэння — в. Бурцава Багародскага раёна Горкаўскай вобласці

Род заняткаў — партработнік

Брагін Аляксей Фёдаравіч — адзін з арганізатараў камуністычнага падполля і партызанскай барацьбы на Міншчыне.

З ліпеня 1941 года з’яўляцца сакратаром падпольнага руху ў Любанскім і Старадарожскім раёнах. Займаўся стварэннем падпольных райкомаў, арганізацыяй партызанскіх атрадаў на тэрыторыі раёна.

Нядоўгім быў удзел у вайне А.Ф. Брагіна. Трагічна склаўся яго лёс, сколькі ён мог бы яшчэ зрабіць — і не паспеў за свае 36 гадоў… На пасадзе сакратара Мінскага абкома КП(б)Б ён таксама працаваў нядоўга, з сакавіка 1941 г. За гэты час паспеў пазнаць людзей у вобласці, пазнаёміцца са станам спраў — і наступіў чорны дзень 22 чэрвеня. З самага пачатку вайны Аляксей Фёдаравіч акунуўся ў яе пекла, у неспакойную, трывожную, новую для яго ваенную справу, у якой паказаў сябе стойкім і мужным байцом.

Ў той цёмны асенні вечар А.Ф. Брагін разам з членам бюро Мінскага абкома Я.Д. Гарбачовым накіраваўся на сустрэчу з падпольшчыкамі ў былы саўгас “10-годдзе БССР”. Нечакана ў вячэрнім змроку каля пасёлка Багуслаўка натыкнуліся на варожую засаду. Правакатар, з мясцовых, паказаў на Брагіна. Пачалася перастрэлка, Аляксей Фёдаравіч быў паранены. Гарбачоў выносіў таварыша з поля бою, але нечакана наляцелі некалькі конных гітлераўцаў.

Знемоглага ад страты крыві А.Ф. Брагіна схапілі, прывезлі ў в. Турок. Доўга цягнуліся жорсткія допыты патрыёта. Сакртар абкома, паранены і знямоглы, страціўшы шмат крыві, мужна пераносіў катаванні і здзекі. На адным з допытаў схапіў стул і ўдарыў фашыста, кінуўся да акна, але варожая куля яго дагнала… Раз’юшаныя гітлераўцы забаранілі хаваць А.Ф. Брагіна.

Яго імем была названа партызанская брыгада. Імя Брагіна прысвоена вуліцам у г. Любань, в. Малыя Гарадзяцічы Любанскага раёна.

Аляксей Фёдаравіч Брагін пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Леніна і медалём «Партызану Айчыннай вайны».

У Любані па вул. Першамайскай установлены ў 1964 г. помнік. Гэты помнік (скульптар Б. Івонцьеў, архітэктар Я. Печкін; бетон, мармуровая крошка; вышыня 5 м) — паясны бюст А.Ф. Брагіна пастаўлены на высокім прамавугольным пастаменце. Кампазіцыя партрэта строгая і выразная. Сабранасць і перакананасць камуніста-барацьбіта перададзены ў развароце шырокіх плячэй, паставе галавы, валявым жэсце рукі, у сканцэнтраваным, мэтанакіраваным позірку. У 2005 годзе помнік быў перанесены ў пачатак вуліцы А. Брагіна.

 

Літаратура:

1. Брагин Алексей Фёдорович: [руководитель партизанского движения в Любанском районе] // Минская область: Энциклопедия: в 2 т. А-Г.Т.1. – Минск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2007 г. – С. 342.

2. Брагін Аляксей Фёдаравіч, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне. 1941-1945 гг.: Энцыклапедыя. – Мінск, 1996. – С. 89.

3. Карлюкевич, А. Капсула с родной землёй: [увековечевание памяти А.Ф. Брагина в Любанском районе]/А. Карлюкевич // Советская Белоруссия. – 2006. – 15 июня.

4. Бубіч, Н. Першы камень закладзены: [аб пераносе помніка А.Ф. Брагіну] /Н. Бубіч // Голас Любаншчыны. – 2005. – 25 чэрвеня.

5. Павлович, В. Почтим память земляка: [о руководителе партизанского движения в Любанском районе] /В. Павлович // Голос Любанщины. – 2005. – 20 апреля.

6. Аленчык, М. Імгненне жыцця: [аб подзвігу А.Ф. Брагіна] /А.М. Аленчык // Мінская праўда. – 2000. – 6 мая. – С.2.

7. Аленчык, М. Наперадзе іх чакала засада: [аб А.Ф. Брагіне]/А.М. Аленчык // Голас Любаншчыны. – 2000. – 22 сакавіка.

 

 

Комментарии закрыты.