Гісторыя Любанскай раённай цэнтральнай бібліятэкі пачынае свой адлік з 1921 года. Да 1917 года на Любаншчыне не было бібліятэк, толькі рэлігійныя кнігі пры цэрквах і царкоўнапрыходскіх школах. У 1921 годзе ў м. Любань быў адкрыты Народны дом, дзе дзейнічалі бібліятэка, драматычны і музычны гурткі, выпускалася вусная газета. Цэнтрамі культурна-асветніцкага жыцця былі Народны дом і сельскія хаты-чытальні (у 1925 было 18 хат-чытальняў ), дзе праводзіліся мітынгі, лекцыі, канцэрты і спектаклі. На жаль, звестак аб дзейнасці бібліятэкі ў 1920-40-х гадах не захавалася. У гады Вялікай Айчыннай вайны бібліятэка была зачынена, кніжны фонд знішчаны. Пасля заканчэння вайны пачалося аднаўленне бібліятэкі. Размяшчалася яна на другім паверсе Дома культуры (былы будынак санэпідстанцыі). Першым загадчыкам бібліятэкі стаў Раменчык Канстанцін Васільевіч, які ў гады вайны быў членам падпольнай групы г.п. Любань. Вялікую ўвагу Канстанцін Васільевіч надаваў паляпшэнню матэрыяльнай базы бібліятэкі, прыцягненню чытачоў, прапагандзе літаратуры. Асноўны дэвіз работы бібліятэк быў “Кнігу – ў масы”. Была наладжана дастаўка кніг непасрэдна ў звёны і брыгады, адкрываліся перасоўныя бібліятэкі, актыўна працавалі кніганошы. На 01.01.1948 г. бібліятэкай карысталіся больш за 1000 чалавек. У 1950 годзе ў раёне ўжо функцыянавалі дзве раённыя (дарослая і дзіцячая), 25 калгасных і 2 сельскія бібліятэкі. Пры бібліятэках падчас пасяўной і ўборачнай кампаній арганізоўваліся агітпункты. На 01.01.1957 года паслугамі 31 бібліятэкі і 10 хат-чытальняў раёна карысталіся больш за 6 тысяч чалавек. Фонд бібліятэк налічваў 67 тыс. экз. Раённай газетай было адзначана, што ў 1960 годзе ў раённы дом культуры сабралася больш за 200 чытачоў на сустрэчу з паэтамі Васілём Віткам, Аляксеем Зарыцкім і Іванам Муравейкам. На 01.01.1968 г. раённай бібліятэкай карысталіся 1170 чытачоў, кніжны фонд налічваў 24718 экз. дакументаў. Асноўнымі напрамкамі работы бібліятэкі з’яўляліся: прапаганда літаратуры па ажыццяўленню ідэй Камуністычнай партыі Савецкага Саюза, літаратуры ў дапамогу сельскай гаспадарцы, адукацыйнага працэсу. У пасляваенны перыяд да 1973 г. загадчыцай бібліятэкі была Холад Раіса Іларыёнаўна. У 1960-я гг. у бібліятэцы ствараецца краязнаўчая картатэка, пашыраецца правядзенне мерапрыемстваў, прысвечаныя Любаншчыне. З 1973 па 1979 г. у бібліятэцы працавалі: загадчыца – Сенажацкая Валянціна Іванаўна, бібліятэкары Кульбіцкая Ганна Максімаўна, Падліпская Галіна Фамінічна, Лепяшынская Таццяна Яўгенаўна.

У 1979 г. адзначаецца новы значны этап у гісторыі бібліятэк: усе дзяржаўныя масавыя бібліятэкі раёна аб’ядналіся ў адзіную цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму: 2 цэнтральныя і 36 бібліятэк-філіялаў. Былі арганізаваны аддзелы: абслугоўвання, метадычна-бібліяграфічны, камплектавання і апрацоўкі кніжнага фонду, дзіцячы аддзел.
Цэнтральная бібліятэка становіцца метадычным цэнтрам для ўсіх філіялаў сістэмы. Цэнтралізавана камплектуюцца фонды бібліятэк. Метадычную падтрымку ажыццяўляюць усе аддзелы раённай бібліятэкі. У працы па павышэнню кваліфікацыі работнікаў актыўна выкарыстоўваюцца такія формы як круглыя ​​сталы, анкетаванне, семінары, абарона чытацкіх фармуляраў і інш.
З 1982 па 1988 гады дырэктарам ЦБС працавала Татарыцкая Ганна Пятроўна. Жыццярадасны, працавіты чалавек, ўнесла значны ўклад у арганізацыю і развіццё бібліятэчнай справы раёна.  Калектыў не раз быў адзначаны і ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі раённага і абласнога ўзроўню.
У 1991 годзе раённая бібліятэка пераехала ў новы будынак (памяшканне райкама партыі).  Гэта дало магчымасць аб’яднаць усе аддзелы ЦРБ, якія да гэтага арэндавалі асобныя пакоі ў розных кутках горада. Змяніліся ўмовы працы бібліятэкараў, палепшылася якасць абслугоўвання чытачоў, ўкараняюцца новыя формы работы. Асаблівая ўвага надавалася краязнаўчай дзейнасці і адраджэнню нацыянальных традыцый. Бібліятэкі шчыра сябруюць і актыўна прапагандуюць творчасць пісьменнікаў землякоў: Івана Андрэевіча Муравейкі, Ніны Васільеўны Маеўскай, Уладзіміра Андрэевіча Паўлава, Лідзіі Сымонаўны Савік.
Узровень краязнаўчай работы ўзрос, у пачатку 1990-х гг. пад уплывам ажыўлення нацыянальна-культурнага руху, дасягненні дзяржаўнага суверэнітэта і іншых фактараў.
У 1992 годзе пры бібліятэцы дзейнічае краязнаўчы клуб “Спадчына”. На яго пасяджэннях праводзяцца сустрэчы з пісьменнікамі, літаратурныя вечары, святы беларускага пісьменства і друку, ўрокі краязнаўства і інш. Яшчэ адным з асноўных напрамкаў работы бібліятэкі з’яўляецца экалагічнае выхаванне насельніцтва.
З 1997 г. дзейнічае літаратурна-экалагічны клуб “Лотаць” і “Мурашок” пры дзіцячай бібліятэцы. У 1998 г. РЦБ па выніках абласнога агляду-конкурсу на лепшую пастаноўку работы бібліятэк па экалагічнай адукацыі заняла першае месца (была ўзнагароджана грашовай прэміяй ).

З 1995 года пачынаецца наступны этап развіцця цэнтральнай раённай бібліятэкі інтэнсіўная дзейнасць па ўкараненню сучасных інфармацыйных тэхналогій: аўтаматызацыя працэсаў камплектавання і каталагізацыі, аналітычнага апісання дакументаў.  З’явілася ўласная друкаваная прадукцыя. Дзейнічае электронны каталог, ўводзіцца рэтраспектыўная частка фонду.  Для найбольш поўнага і якаснага абслугоўвання чытачоў маецца высакахуткасны выхад у інтэрнэт, працуе электронная пошта.  У 1998 годзе ў абласным конкурсе бібліятэкараў І месца заняла Гіль Ірына Міхайлаўна – бібліятэкар-бібліёграф І катэгорыі аддзела абслугоўвання і інфармацыі.
Для паляпшэння эканамічнага становішча, павышэння якасці абслугоўвання чытачоў, бібліятэка з 2002 года пачала аказваць платныя паслугі: ксеракапіраванне, начны абанемент, камерцыйны фонд, ламініраванне і інш, колькасць якіх павялічылася з 8 відаў (у 2002 г.) да 33 (у 2011 г .).  Атрыманыя сродкі ідуць на камплектаванне камерцыйнага фонду, гаспадарчыя патрэбы.
У 2007 г. на базе тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ўтвораны літаратурна-пазнавальны клуб па працы з інвалідамі “Чытаем разам”. Бібліятэчныя мерапрыемствы, якія адрасаваны інвалідам і састарэлым, накіраваныя на шчырасць, станоўчыя эмоцыі, веру ва ўласныя сілы і магчымасці. Карыстаюцца раённай бібліятэкай больш за 2700 чытачоў, дзіцячай бібліятэкай – 1700 чытачоў, бібліятэчны фонд налічвае 35700 экз. у раённай і 19 тыс. экз. дакументаў у дзіцячай.
У 2008 г. РЦБ набыла бібліобус, з дапамогай якога вырашаюцца праблемы абслугоўвання жыхароў маланаселеных і аддаленых вёсак раёна.
З 2008 г. традыцыйным стала правядзенне раённага свята паэзіі і песні “Я словам  слаўлю родны край”, якое збірае сапраўдных аматараў літаратуры, беларускіх пісьменнікаў, самадзейных паэтаў Любаншчыны.

21 кастрычніка 2022 года прысвоена імя пісьменніка-земляка Івана Андрэевіча Муравейкі ДУК “Любанская раённая цэнтральная бібліятэка імя І.А.Муравейкі”.
З 1990 г. па 2014 г. дырэктарам бібліятэчнай сеткі з’яўлялася Астрэйка Таццяна Іванаўна. Зараз на заслужаным адпачынку.
З кастрычніка 2014 г. на пасаду дырэктара назначана Валянціна Аляксандраўна Ермак. 
Сёння ў бібліятэцы працуюць кваліфікаваныя, эрудзіраваныя, закаханыя ў сваю працу людзі. Калектыў бібліятэкі, а гэта 18 чалавек, падтрымлівае традыцыі мінулага і робіць усё магчымае, каб бібліятэкі заставаліся неабходнымі чытачу. Асноўныя функцыі бібліятэк накіраваны на задавальненне і развіццё інфармацыйных, культурных, адукацыйных, забаўляльных запытаў і інтарэсаў чытачоў.