Леанід Васільевіч Кукраш

Доктар сельскагаспадарчых навук, акадэмік Акадэміі аграрных навук Беларусі. 3 лістапада 1994 г. — галоўны саветнік намесніка прэм’ер-міністра рэспублікі, начальнік экспертнага савета Кабінета Міністраў па праблемах АПК.

Нарадзіўся 27.07.1938 г. у в. Рачэнь Любанскага раёна. Дзяцінства Леаніда Кукраша абпаліла вайна, аб якой да гэтага часу засталіся жудасныя ўспаміны… Намаганнямі ўсёй вялікай, дружнай сям’і, у якой налічвалася сямёра дзяцей, выхаваных у традыцыі працавітасці і ўзаемадапамогі — усё гэта ад бацькоў, вечных гаротнікаў — пераадольваліся цяжкасці ваеннага ліхалецця. Леанід, закончыўшы дзесяцігодку, змог паступіць у Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. Акадэмію Леанід Кукраш закончыў з адзнакай, у 24 гады ўзначаліў найбольш адсталы калгас у Пружанскім раёне. За некалькі гадоў яго ўдалося вывесці ў лік перадавых, а па ўзроўню механізацыі ў галіне жывёлагадоўлі— паказальных. Працуючы ў калгасе, абараніў кандыдацкую дысертацыю і пачаў навуковую дзейнасць у БелНДІ земляробства. Працаваў старшым навуковым супрацоўнікам, загадчыкам аддзела, намеснікам дырэктара па навуцы. У 1983 г. Л. В. Кукраш абараніў доктарскую дысертацыю. Навуковая работа звязана з актуальнымі праблемамі кормавытворчасці. Пад яго кіраўніцтвам і непасрэдным удзеле створаны гатункі гароху “Белус” і “Агат”, першы ў рэспубліцы гатунак яравога трыцікале “Інеса” — новай зерневай культуры. Распрацаваны тэхналогіі вырошчвання многіх зерневых і зернебабовых культур. Л. В. Кукраш апублікаваў шэсць навуковых кніг, звыш 110 артыкулаў. Ён курыруе работу ўсёй аграрнай навукі рэспублікі, не спыняе таксама актыўную навуковую дзейнасць.

Рашэннем  Любанскага раённага Савета дэпутатаў ад 21.02.2008 года № 53 Л.В. Кукрашу прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін Любанскага раёна”.

Бібліяграфія:

  1. Жыццё ў навуцы// Памяць : гіст.-дакум. хроніка Любанскага р-на. – Мн., 1996. – С. 399.
  2. Кукреш Леонид Васильевич// Минская область : энциклопедия : в 2 т. Т. 2. – Мн.: Бел. Эн., 2007. – С. 239.
  3. Кукреш Леонид Васильевич//Национальная Академия наук Беларуси. Персональный состав. 1928-2003.—Мн.,2003. – С.89.
  4. Почетные граждане Любанского района// Голас Любаншчыны. – 2010. – 4 верас. – С. 2.