Шмат шчаслівых момантаў звязвае чалавека з месцам, дзе ён нарадзіўся і вырас, дзе спазнаў “урокі першых гадоў”. Родны край і людзі, якія яго насяляюць, непаўторнае аблічча роднай прыроды – усё гэта, праходзячы праз свядомасць, становіцца часткай чалавечага лёсу. Літаратурнае краязнаўства даўно стала адным з прыярытэтных напрамкаў у рабоце публічных бібліятэк Любанскага раёна. Гэта тым больш цікава, бо гісторыя літаратуры Любаншчыны знаходзіцца ў пастаянным развіцці. На змену вядомым імёнам прыходзяць новыя, папаўняецца сузор’е літаратараў, расце колькасць аўтарскіх зборнікаў. Некаторыя імёны Любанчан – паэтаў і празаікаў, песеннікаў і публіцыстаў ўваходзяць у залаты фонд беларускай і замежнай літаратуры. Сярод іх – Уладзіслаў Сыракомля, Павел Шпілеўскі, Уладзімір Паўлаў,Іван Муравейка, Лідзія Савік, Ніна Маеўская, Анатоль Статкевіч-Чабаганаў, Анатоль Андруховіч, Іван Раманчук. Лёс і творчы шлях іх звязаны з Любаншчынай – нехта тут нарадзіўся, нехта жыў, нехта тварыў. Творчасць нашых землякоў прасякнута любоўю да радзімы, да землякоў, да ўсяго, што іх акружала, хвалявала, натхняла на творчасць. Яны – наш гонар. Яны – нашы класікі…