Савік Лідзія Сымонаўна

Савік Лідзія Сымонаўна — літаратуразнаўца, крытык, кандыдат філалагічных навук, абараніла дысертацыю па праблемах сучаснай беларускай прозы. Шмат гадоў адпрацавала старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН Беларусі, дацэнтам, затым прафесарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва. Акадэмік Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі. З 1992 года Лідзія Савік – сябар Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтар і сааўтар грунтоўных манаграфій. Нарадзілася 1сакавіка 1936 г.у в.Камуна Любанскага раёна Дзяды і бацькі Лідзіі Савік былі простымі сялянамі, нястомнымі, вечнымі працаўнікамі. Аднымі з першых разам з Эмануілам Модзіным і Цімафеем Смірновым прыйшлі на Мар’інскае балота, каб арганізаваць там камуну. Менавіта яны і сталі аднымі з герояў паэмы Я.Купалы “Над ракой Арэсай”. Бацька, Адам Адзярыха, з першых дзён Айчыннай вайны пайшоў на фронт, у 1941 г. загінуў пад Масквой. Родную Камуну спалілі немцы. Тады маці з двума дзецьмі, Лідай і Ірынай, адправілася ў партызанскі атрад брыгады імя Панамарэнкі. Была сувязной, потым — у гаспадарчым узводзе, узнагароджана ордэнам і баявымі медалямі як удзельніца Вялікай Айчыннай вайны. Пасля вызвалення Беларусі сям’я жыла ў Любані. Лідзія вучылася тут у школе. У сувязі з пераводам айчыма (Сымона Шыкунова) на работу ў Барысаў ,Заслаўе, Дзяржынск і пераездамі сям”і , давялося мяняць месца вучобы. Сярэднюю школу Лідзія Савік скончыла ў Дзяржынску ў 1954г. Працавала піянерважатай у Вязанскай СШ Дзяржынскага раёна (1954-1955гг), у Дзяржынскай СШ №1 (1955-1959). У 1959г пераехала ў Мінск,дзе настаўнічала ў СШ№62 , працавала ў Фундаментальнай бібліятэцы АН Беларусі (1966-1978). У 1962 скончыла філалагічны факультэт Дзяржуніверсітэта, затым аспірантуру. У 1977 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю. 3 1978 г. на працы ў Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук малодшым, затым старшым навуковым супрацоўнікам. Выкладала ў ВНУ беларускую літаратуру, чытала спецкурсы пра творчасць рэпрэсіраваных і эмігранцкіх пісьменнікаў. 3 1992 г.—дацэнт Беларускага універсітэта культуры і мастацтва. Літаратурнай дзейнасцю пачала займацца ў 70-я гады. Першы артыкул «Сучасная беларуская проза» быў апублікаваны ў 1974 г. Кола даследчыцкіх інтарэсаў Лідзіі Савік — праблемы развіцця беларускай літаратуры XX ст. Каб вярнуць спадчыну рэпрэсіраваных пісьменнікаў, дабілася магчымасці працаваць у архівах НКУС — КДБ, сабрала дакладныя звесткі пра трагічныя лёсы беларускіх паэтаў і празаікаў, якіх было рэпрэсіравана ў гады сталіншчыны каля 200 чалавек. Аўтар манаграфій «Адчуванне часу», «Пад мірным небам Бацькаўшчыны», «Каб не астыла цяпло зямлі», сааўтар кніг «Беларускія пісьменнікі і літаратурны працэс 20-30-х гадоў» (1985), «Сыны і пасынкі Беларусі» (1996), «Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы» (2001), «Культура беларускага замежжа», “Адна між замкаў” (2003) і інш. Друкуецца на старонках рэспубліканскіх перыядычных выданняў. Аўтар звыш 100 артыкулаў і рэцэнзій, 230 энцыклапедычных артыкулаў. Збірала матэрыялы пра жыццё і дзейнасць вядомых беларусаў у Францыі, Германіі і ЗША. Аўтар шэрагу даследаванняў пра творчасць беларускіх пісьменнікаў-эмігрантаў, напр. «Пакліканыя: літаратура беларускага замежжа» (2001).

Комментарии закрыты.