Андруховіч Анатоль Антонавіч

 Андруховіч Анатоль Антонавіч

Нарадзіўся Анатоль Андруховіч 26 студзеня 1939 года ў шматдзетнай, працавітай сям’і ў вёсцы Рэдкавічы Любанскага раёна, затым на свет з’явіліся сястра Ніна і брат Віця. У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны бацьку прызвалі ў дзеючую Чырвоную Армію, самааддана, мужна змагаўся ён з чужынцамі, але перамогі не дачакаўся, загінуў пад Смаленскам. Маці як магла абараняла і берагла сваіх крывінак у гады ваеннага ліхалецця. Анатолю ішоў трэці годзік, калі пачалася вайна. Аднак той час добра ўрэзаўся ў памяць непамнрным страхам, які перадаваўся дзіцяці ад маці, аднавяскоўцаў. Маці Любоў Аляксееўна цвёрда верыла ў лепшую будучыню дзяцей, вельмі хацела, каб хаця старэйшы вывучыўся і стаў вядомым чалавекам. Пасля атрымання атэстата сталасці Анатоль паехаў на заработкі на Урал, бо трэба было дапамачы паставіць на ногі братоў і сясцёр. У хуткім часе ён ярнуўся да дому і стаў працаваць муляром у сваім калгасе “Зара камуны”. З яго ўдзелам былі ўзведзены ў Рэдкавічах кармакухня і майстэрня для механізатараў. У 1961 годзе Анатоль Андруховіч паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітет і адначасова працаваў слесарам на аўтазаводзе, супрацоўнічаў з рэдакцыяй газеты “Аўтазаводзец”. Пасля набыцця прафесіі журналіста яго ўзялі ў рэдакцыю газеты “Мінская праўда”, затым быў “Вячэрні Мінск”, гісторыка-публіцыстычны часопіс, беларускае радыё. У 1982 годзе Анатоль Андруховіч пераехаў ў Маскву і доўгі час працаваў загадчыкам беларускай групы аддзела апублікавання актаў Вярхоўнага Савета СССР. Цяпер Анатоль Антонавіч знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але не сядзіць без справы і дзе б не знаходзіўся, ён заўсёды захоўвае ў сабе жыватворныя сокі зямлі дзяцінства, памятае родныя Рэдкавічы, дзе нарадзіўся, вырас, навучыўся чытаць і пісаць, араць і сеяць. Анатоль Андруховіч выдаў зборнікі нарысаў “Сын Палесся” (1978), “Арэсы імклівая плынь” (1985), “Дачка Арэсы” (1989), “Гарачы цэх” (1991). Менавіта пад літаратурнымі запісамі Андруховіча быў апублікаваны нарыс былога старшыні праўлення калгаса “Чырвоная змена”, Героя Сацыялістычнай працы Кузьмы Іванавіча Шаплыкі “Село шагает в завтра” (1983). Ва ўсіх творах Андруховіч не прамінае звязваць дзеянне з мясцінамі, знаёмымі яму з дзяцінства. Гэта яго памкненне не выпадковае, ён ніколі не забывае тое, што назаўсёды ўвайшло ў сэрца. А кожнаму пісьменніку здаецца, што ён у неапалатным даўгу перад бацькоўскім кутам. 

Add a Comment

Your email address will not be published. Required fields are marked*