Сыракомля Уладзіслаў

Сыракомля Уладзіслаў (1823—1862)

Уладзіслаў Сыракомля (сапр. Людвік Кандратовіч), паэт, драматург, перакладчык, крытык, краязнаўца. Нарадзіўся 29.09.1823 г. у фальварку Смольгава Бабруйскага павета Мінскай губерніі, цяпер в. Смольгава Любанскага раёна Мінскай вобласці ў сям’і арандатара Аляксандра Каятана Кандратовіча і Вікторыі Златкоўскай. Пісаў на польскай і беларускай мовах. Уладзіслаў Сыракомля з’яўляецца аўтарам “народнай гутаркі” “Паштальён”, якая стала яго дэбютам у друку (1844), а пазней, праз пераклад Л. Трэфалева,— надзвычай папулярнай у Расіі песняй “Когда я на почте служил ямщиком…”. Працаваў ён многа і плённа: перакладаў на польскую мову паэтаў-лаціністаў, рыхтаваў “Гісторыю літаратуры ў Польшчы”, пісаў вершы, гутаркі, карэспандэнцыі ў газеты. Вывучэнню Беларусі прысвечаны такія краязнаўчыя працы як “Вандроўкі па маіх былых ваколіцах”, “Мінск” і інш. У сярэдзіне 1850-х гадоў Сыракомля быў ужо аўтарам шасці кніг перакладзеных паэтаў-лаціністаў, двухтомнай “Гісторыі літаратуры ў Польшчы”, некалькіх асобных выданняў гутарак-паэм, а таксама зборнікаў лірычных твораў. Падтрымліваў творчыя пачынанні Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ды плённа перакладаў на польскую мову з лацінскай, французскай, нямецкай, англійскай, іспанскай, украінскай і рускай. У сярэдзіне ХІХ ст. імя У. Сыракомлі як паэта, не сыходзіла са старонак прагрэсіўнай перыёдыкі. За параўнальна кароткае жыццё паспеў зрабіць шмат і як паэт, гісторык, публіцыст, краязнавец, этнограф, фалькларыст, літаратуразнаўца. У. Сыракомлю яшчэ захаплялі археалогія, лінгвістыка, музеязнаўства. Памёр у 1862 г.у Вільні. Пахаваны на могілках Роса. У вёсцы Смольгава на радзіме Уладзіслава Сыракомлі, адкрыты памятны камень у гонар 180-годдзя з дня нараджэння гэтага польскага і беларускага паэта і этнографа. Устаноўлены ён у двары мясцовай сярэдняй школы, якая носіць імя славутага земляка, ў школе таксама знаходзіцца музей.

Add a Comment

Your email address will not be published. Required fields are marked*