Маеўская Ніна Васільеўна

Маеўская Ніна Васільеўна (04.12.1938—19.03.2011)

Ніна Васільеўна Маеўская —беларуская пісьменніца. Нарадзілася 4 снежня 1938 года ў горадзе Любані Мінскай вобласці ў сям’і служачага. Пасля заканчэння сярэдняй школы (1956) працавала старшай піянерважатай у Соснаўскай СШ Любанскага раёна (1956-1958). Аднак прага да ведаў, да навукі паклікалі яе ў сталіцу. Там Ніна Васільеўна скончыла БДУ (аддзяленне журналістыкі, 1963), Мінскую вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПБ (1980). Працавала літсупрацоўнікам газеты “Шлях камунізма” Мінскага раёна (1963-1965), адказным сакратаром шматтыражнай газеты “За технический прогресс” (1965-1967), загадчыкам аддзела, адказным сакратаром часопіса “Промышленность Белоруссии” (1968-1978), літсупрацоўнікам у газеце “Літаратура і мастацтва” (1980-1981), старшым рэдактарам, загадчыкам рэдакцыі выдавецтва “Юнацтва” (1981-1985), з 1985 — рэдактар аддзела публіцыстыкі часопіса “Беларусь”. Друкавацца Ніна Васільеўна пачала ў 1955 годзе. Напачатку пісала вершы, творы для дзяцей. Першае яе апавяданне “Залік на восень” было надрукавана ў 1963 годзе ў часопісе “Маладосць”. А ў 1969 годзе пабачыла свет і першая кніга – зборнік апавяданнняў для дзяцей “Ляці, верабейка”. Аўтар зборнікаў, апавяданняў і аповесцей “Агата”, “Такая позняя вясна”, “Холад доннай вады”, аповесцей “Пажар”, “Надзеевіч”, “Трывожна шумяць ясакары”, “Шчасце” і інш., а таксама зборнікаў паэзіі: “Падаюць даспелыя ранеты” і “Мая ўлюблёная краіна”. Яе творы пераважна пра сучаснасць, але ў іх чуваць і водгукі вайны, узнімаюцца маральна-этычныя пытанні. Жыла Ніна Васільеўна Маеўская ў Мінску, але часта бывала на роднай Любаншчыне. Прыязджала сюды да родных, брала ўдзел у святах. Не стала Ніны Васільеўны Маеўскай 19 сакавіка 2011 года.

Add a Comment

Your email address will not be published. Required fields are marked*